Дзік (вяпрук, дзікая сьвіньня) — сысун з атрада парнакапытных, падатрада сьвінападобных, сямейства сьвіньняў. Зьяўляецца продкам свойскай сьвіньні.
Пашыраны ў Эўразіі і Паўночнай Афрыцы. Акліматызаваны ў Амэрыцы. Трымаецца малымі статкамі. Старыя самцы (секачы) і саміцы з парасятамі — паасобку. Даўжыня да 2 мэтраў. Маса да 300 кіляграмаў. Афарбоўка ад сьветла-бурай і шэрай да амаль чорнай. Парасяты паласатыя. Цела пакрытае пругкім і доўгім шчаціньнем з падшэрсткам. Галава вялікая і клінападобна выцягнутая наперад. Вушы доўгія і шырокія. Вочы маленькія. Рыла доўгае з лычом. Верхнія і ніжнія іклы вялікія, у самцоў загнутыя ўгору і ў бакі. Усёедны. Нараджае ў сярэднім па 4—6 парасятаў, зрэдку да 12. Прадмет промыслу[1].
Увесну і ўлетку дзікі трымаецца пераважна хваёва-дубова-грабовых лясоў, алешнікаў і поплаваў рэк. Улетку таксама наведвае палі ў пошуках корму. Увосень пераважна жыве ў хваёвых лясах з дамешкам дубу і заходзіць у паплавы рэк і на ўзьлескі. Узімку трапляецца ў мяшаных і сухіх хваёвых лясах, алешніках. Часта дзікі гінуць ад бяскорміцы, эпізаотыяў і сьнежных заносаў. Прыкладам у суворую зіму 1840 году ў Белавескай пушчы знаходзілі статкі па 20—30 мёртвых дзікоў. Старыя секачы (самцы) трымаюцца асобна ад статку, да якога далучаюцца толькі на час гону. Корміцца жалудамі, сьцябламі, карэньнямі і пладамі дзікіх расьлінаў, мышападобнымі грызунамі, лічынкамі вусякоў і дажджавымі чарвякамі. Месцамі шкодзіць пасевам бульбы і аўса. Плоцевая сьпеласьць настае ў 2—3 гады. Гон у лістападзе—сьнежні. Цяжарнасьць да 120 содняў. У сакавіку—красавіку нараджае 4—8 (зрэдку 10—12 парасятаў), якія праз 1,5—2 тыдні пакідаюць логава. У 3 месяцы пераходзяць на падножны корм[2].
Даўжыня цела дзіка ў сярэднім складае каля 130—140 см. Маса 100—150 кг, зрэдку да 200 кг. Цела пакрытае доўгім, пераважна бурым шчаціньнем з падшэрсткам. Рыла доўгае. У ніжняй сківіцы 2 іклы, пры даўжыні ў самцоў 6—10 см[2].
Дзік быў прадметам паляваньня ў Беларусі з часоў палеаліту. У 10-м разьдзеле Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 году быў 2-і артыкул «Цана дзікім зьвярам», які прадугледжваў спагнаньне за незаконную здабычу дзіка коштам з карову: «Устанаўліваем цану дзікім зьвярам, якія былі б забітыя кім-небудзь у чужой пушчы: ... за дзіка або за сьвіньню — рубель (100) грошаў»[3]. На пачатку 20 ст. найбольш дзікоў было ў Белавескай пушчы, дзе іх налічвалася 2—3 тыс. асобінаў. На 1936 г. у Беларусі было каля 1500 дзікоў, якія пераважна жылі на поўдні краіны. У 1950 г. было каля 5000, хоць цалкам адсутнічалі ў большасьці раёнаў Магілёўскай вобласьці. З 1965 году ў Беларускай ССР увялі адстрэл дзікоў па дзяржаўных дазволах, паводле якіх штогод здабывалі 2—4 тыс. дзікоў. Частку нарыхтаванага мяса сталі прадаваць за мяжу. У 1970 годзе ўжо налічвалася 18,3 тыс. дзікоў, якія пашырыліся па ўсёй Беларусі, найбольш у Берасьцейскай і Гомельскай вобласьцях. На пачатку 1982 году іх лік склаў 27,9 тыс. асобінаў[2]. У 1990—1995 гадах налічвалася 26—36 тыс. дзікоў[1]. Паводле зімовага ўліку на пачатку 2012 году, у Беларусі налічвалася каля 80 000 дзікоў[4].
Дзік (вяпрук, дзікая сьвіньня) — сысун з атрада парнакапытных, падатрада сьвінападобных, сямейства сьвіньняў. Зьяўляецца продкам свойскай сьвіньні.
Пашыраны ў Эўразіі і Паўночнай Афрыцы. Акліматызаваны ў Амэрыцы. Трымаецца малымі статкамі. Старыя самцы (секачы) і саміцы з парасятамі — паасобку. Даўжыня да 2 мэтраў. Маса да 300 кіляграмаў. Афарбоўка ад сьветла-бурай і шэрай да амаль чорнай. Парасяты паласатыя. Цела пакрытае пругкім і доўгім шчаціньнем з падшэрсткам. Галава вялікая і клінападобна выцягнутая наперад. Вушы доўгія і шырокія. Вочы маленькія. Рыла доўгае з лычом. Верхнія і ніжнія іклы вялікія, у самцоў загнутыя ўгору і ў бакі. Усёедны. Нараджае ў сярэднім па 4—6 парасятаў, зрэдку да 12. Прадмет промыслу.