Ае́р звыча́йны (па-лацінску: Acorus calamus) — шматгадовая травяністая расьліна сямейства ароідных.
Вышыня да 120 см. Тоўстае (да 3 см) паўзучае карэнішча. Лісьце доўгае, мечападобнае. Кветкі зеленавата-жоўтыя, у цыліндрычных катахах. Плады — сухія ягады. Пашыраны па ўсёй Беларусі па берагах рэк, азёр, старыц, на балотах утварае зарасьнікі. Цьвіце ў траўні — чэрвені. Народныя назвы: ірны корань, шувар, касатар, явар, ярай, яір, ярнік, татарнік.
Радзіма — Цэнтральная Азія. Паводле адной з вэрсіяў, у Эўропу аер завезьлі арабскія і фінікійскія купцы. Больш распаўсюджаная вэрсія — што гэтая заслуга належыць татарам, якія нібыта вазілі з сабой карэнішчы аеру, адмыслова засяляючы ім вадаёмы, у якіх паілі сваіх коней (лічылася, што аер расьце толькі ў «здаровай» вадзе), таму палякі называюць аер «татарак». Паступова распаўсюджваўся з усходу на захад Эўропы. У XV—XVI стагодзьдзях аер яшчэ ня рос у Заходняй Эўропе; яго зацукраванае карэньне завозілася туды з ВКЛ, Маскоўскай дзяржавы, Асманскай імпэрыі як адмысловая спэцыя. Эўрапейскія энцыкляпэдыі XVI стагодзьдзя паведамлялі, што найбольш аеру паходзіць менавіта зь Белай Русі. Нарыхтоўка карэньня захоўвала ў нас сваё значэньне яшчэ ў XIX стагодзьдзі. Іх выкарыстоўвалі ў піваварстве заміж хмеля, дадавалі ў зьбіцень, рабілі папулярную настойку на гарэлцы — аераўку. Увесну беднякі ўжывалі ў ежу маладыя парасткі аеру без аніякай апрацоўкі. Аер, таксама як лісьце клёну і дубу, выкарыстоўвалі пры выпечцы хлеба.
Найлепшыя якасьці маюць карэнішчы двух-трохгадовых расьлін (утрымліваюць да 4,8 % эфірных алеяў, дубільныя рэчывы), якія нарыхтоўваюць зь верасьня да глыбокай восені, сушаць і захоўваюць у сухім памяшканьні, скрынях або мяшках. У наш час іх (а таксама экстракт з аеру) ужываюць як араматычныя дадаткі ў напоі, кампоты зь сьвежых і сухіх яблыкаў, груш, рэвеню, вараць у цукровым сыропе і інш. Як замяняльнік імбіру, карыцы, мускатнага арэху карэнішчы ўжываюць для араматызацыі пудынгаў, печыва, крэмаў. Могуць замяняць бабкі (лаўровае лісьце).
Важны лекавы сродак, як унутраны (узбуджае апэтыт, дапамагае ад захворваньняў страўніка, пячонкі) так і вонкавы (узмацняе цыбуліны валасоў, дапамагае пры рэўматызме).
Ае́р звыча́йны (па-лацінску: Acorus calamus) — шматгадовая травяністая расьліна сямейства ароідных.