Верас (Calluna) — род вечназялёных кустовых і кусьцікавых расьлін сямейства верасовых.
Вядомы 1 від — Верас звычайны (Calluna vulgaris), пашыраны ў Эўразіі, Паўднёвай Афрыцы, Амэрыцы. У Беларусі трапляецца часта па ўсёй тэррыторыі. Расьце на пяшчаных мясьцінах у хваёвых барах, на выгарынах і мохавых балотах, утварае вялікія зараснікі — верасоўнікі. Вызнае тып лесу — хвойнік верасовы. Квітнее ў ліпені-верасьні. Лекавая расьліна (мачагонны, вяжучы, зьлёгку снатворны й супакойны сродак). Мае ў сябе дубільнікі, гліказіды, смалу, крухмал. Выкарыстоўваюць верхавінкі галінак зь лісьцем і кветкамі (зьбіраюць у канцы ліпеня-жніўні). Летне-восеньскі меданос, дае багаты нэктар, мёд зь яго цёмны, даўкі й гаркаваты. Таксама зьяўляецца дэкаратыўнай расьлінай — ідзе на стварэньне зімовых букетаў.[1]
Куст галінасты з моцных пахам. Сьцяблы з чырнавата-бурай карой, вышынёй 30—100 см. Лісьце дробнае, сядзячае, кароткарыса-ланцэтнае, амаль трохграннае, зьверху тупаватае, каля асновы трэлкападобнае, разьмешчана накшталт чарапіцы ў 4 рады; новыя парасткі выходзяць з пазухі больш буйнога ліста, які сядзіць на месцы леташняга парастка. Кветкі дробныя, дзьвюхполыя, правільныя, званочкавыя, бэзава-ружовыя, зрэдку белыя на кароткіх адхіленых пазушных кветаножках, у аднабокіх гронкападобных суквецьцях. Плод — пушыстая чатырохгранная каробачка. На смак расьліна горкая, вяжучая.[1]
Верас (Calluna) — род вечназялёных кустовых і кусьцікавых расьлін сямейства верасовых.